Бясплатны лекторый

Як адрозніць паэзію ад не-паэзіі?

Запіс даступны

Ці ўсякія вершы – паэзія? Ці абавязкова пісаць у рыфму? І чаму пасля добрага верша свет робіцца крышачку іншым?

Андрэй Хадановіч · 14 мая 2026 · 1 гадзіна 10 хвілін

Гэта нулявая, уводная лекцыя курса – і яна бясплатная. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч пачынае з правакацыйнага пытання: чым паэзія адрозніваецца ад не-паэзіі? Простага адказу няма, але ёсць прыкметы, якія можна навучыцца бачыць. Лекцыя і ёсць такой трэніроўкай погляду.

Спачатку – некалькі тэзаў. Паэзія як найвышэйшая форма існавання мовы і сканцэнтраванае асацыятыўнае мысленне. Паэзія як дзіцячы позірк, які ўпершыню дакранаецца да свету. Паэзія, якая першай называе тое, што лунае ў паветры, але яшчэ не мае імені. І яе асаблівая роля ў беларускай культуры: калі грамадства адчувае вострую патрэбу ў вершах, значыць, з ім штосьці не ў парадку, і паэзія прымае ўдар на сябе.

Далей – тэксты, шмат тэкстаў. Хадановіч чытае і разбірае вершы розных эпох і краін, паказваючы, як кожнае новае пакаленне пераводзіць мяжу «прыгожага» і робіць паэзіяй тое, што раней здавалася непаэтычным: ад каровы, якая «завуся паэзія», да выпаражненняў, якія грэюць у люты холад. Асобны сюжэт – рухомая мяжа між вершам і прозай: чаму рыфмаваныя ўступы антычнага рамана застаюцца прозай, а «Песня песняў» без рытму і рыфмы – чыстая паэзія.

Завяршаецца лекцыя перакладам не з мовы на мову, а з формы на форму: фрагментам вершаванага лібрэта, якое Хадановіч зрабіў з «Дзікага палявання караля Стаха» Караткевіча для беларуска-украінскай оперна-драматычнай пастаноўкі.

Што вы даведаецеся

  • Чым верлібр адрозніваецца ад белага верша і версэта – і чаму гэта не адно і тое ж.
  • Як мінімалістычны верш з трох-чатырох радкоў кажа больш, чым сума яго слоў.
  • Чаму «пісаць у рыфму» – не крытэрый паэзіі, а фармальныя прыкметы – не галоўнае.
  • Як паэты гуляюцца з тэмай і рэмай, разбураюць фразеалагізмы і ствараюць неалагізмы.
  • Ці могуць беларускія паэты пісаць па-руску і навошта перакладаць іх «назад» на беларускую.
  • Як праза становіцца паэзіяй, а паэзія – песняй і операй.

Чые тэксты гучаць

Анатоль Сыс, Віслава Шымборска, Вольга Гапеева, Вальжына Морт, Ганна Янкута, Ігар Кулікоў, Віктар Жыбуль, Уладзімір Караткевіч, Рышард Крыніцкі, Дзмітрый Строцаў, валійскі бард Таліесін, Мальер, «Песня песняў» у перакладах Васіля Сёмухі і Сяргея Шупы – і яшчэ некалькі неспадзяваных суседстваў.

Каму падыходзіць

  • Тым, хто «не разумее вершаў» і хоча зразумець, на што ў іх глядзець.
  • Тым, хто чытае паэзію даўно і хоча пабачыць знаёмых аўтараў у новым ракурсе.
  • Тым, хто піша або перакладае і шукае мову для размовы пра ўласныя тэксты.
  • Настаўнікам і выкладчыкам – як гатовы набор яскравых прыкладаў для заняткаў.

Відэазапіс жывой лекцыі з адказамі на пытанні гледачоў. Уводная (нулявая) лекцыя курса з дзесяці лекцый, па-беларуску, бясплатна.

Далей – курс

Дзесяць лекцый пра беларускую паэзію ў сусветным кантэксце: Купала і Ейтс, Багдановіч і французскія дэкадэнты, Колас і «Пан Тадэвуш» Міцкевіча, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева і Яўгенія Пфляўмбаўм, Барадулін і Разанаў, ад «Народнага альбому» да сучасных паэтаў-музыкаў, паэзія пратэсту і беларуска-украінская салідарнасць у слове.

Поўны курс на гэтую тэму

Таварыства жывых паэтаў і паэтак
Курс Андрэя Хадановіча · 10 лекцый курс завершаны · даступны ў запісе

Таварыства жывых паэтаў і паэтак

Пасля курса вы будзеце глядзець на беларускую паэзію — і на сваю культуру — з гонарам і разуменнем, якіх раней не хапала.

  • 10 лекцый
  • запіс на 3 месяцы
  • сертыфікат пасля заканчэння
59 € Пра курс → Купіць запіс

Аплата праз Buy Me a Coffee («Годна») · новая ўкладка

Лекторый бясплатны — і трымаецца на падтрымцы

Калі лекцыя была вартай вашага часу, падзякуйце лектару данатам або падпішыцеся, каб не прапусціць наступныя.