Бясплатны лекторый

Ларыса Геніюш: жыццё, ГУЛАГ і адданасць Беларусі

Запіс даступны

Паэтка, сакратарка Рады БНР і вязніца сталінскіх лагераў, якая адмовілася ад савецкага пашпарта — і засталася сабой.

Валерыя Чарнаморцава · 8 красавіка 2026 · 1 гадзіна 37 хвілін

Жанчына, якая сказала «не» цэлай імперыі

Ці можа адна жанчына, не маючы ў руках нічога, акрамя паэтычнага слова і ўласнай годнасці, стаць рэальнай пагрозай для магутнай таталітарнай сістэмы? Гісторыя Ларысы Геніюш — гэта не сухі пералік біяграфічных дат, а захапляльны, месцамі вусцішны трылер пра вернасць сабе.

Яна была прыгажуняй-эмігранткай у Празе, сакратаркай Рады БНР, апекуном дзяржаўнага архіва і вязнем сталінскіх лагераў. Для савецкай імперыі яна стала «небяспечным элементам», а для беларусаў — жывым сімвалам маральнай перамогі.

Прынцып вышэй за камфорт

Адным з самых неверагодных фактаў біяграфіі Ларысы Геніюш з’яўляецца яе прынцыповая адмова ад савецкага грамадзянства. Нават пасля вызвалення з лагераў яна і яе муж Іван (Янка) працягвалі жыць у Зэльве з пашпартамі апатрыдаў — асобаў без грамадзянства.

Сам Максім Танк, займаючы высокую пасаду старшыні Вярхоўнага Савета БССР, прыязджаў у Зэльву і абяцаў кватэру ў Менску ды выданне кніг у абмен на адзін подпіс пад заявай на пашпарт СССР. Для Геніюш гэта азначала б прызнаць законнасць свайго арышту і прысуду. Яна абрала жыццё пад няспынным наглядам КДБ у палове бацькоўскай хаты.

Яны прывыклі да ламання людзей на першы загад. А я пастанавіла да смерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паламаным хрыбтом няма чалавека.

«Маці» і «глюкоза»: сетка за калючым дротам

У жахлівых умовах ГУЛАГа Ларыса Геніюш ператварылася ў «Маці» — цэнтр падпольнага жыцця і сувязную паміж мужчынскай і жаночай зонамі. Праз «ксівы», якія хавалі ў кутках драўляных насілак, яна стварыла цэлую сістэму камунікацыі.

Каб заблытаць канваіраў, вязні выкарыстоўвалі шыфр: Беларусь называлі «нашай гаспадаркай», саміх сябе — «дзецьмі», «сынамі» і «дочкамі», а вершы Геніюш атрымалі кодавую назву «глюкоза». З мужчынскіх баракаў часта перадавалі: «Маці, прышлі глюкозы».

Як кніга «лятала» ў космас, каб падмануць цэнзуру

У музеі ў Гудзевічах яго заснавальнік Алесь Белакос стварыў экспазіцыю пра паэтку — і савецкая праверка запатрабавала прыбраць матэрыялы пра «зэчку-антысаветчыцу». Белакос паслаў кнігу Геніюш касманаўту Пятру Клімуку і папрасіў аўтограф. Калі рэвізоры вярнуліся, ён заявіў: гэта ж кніга з подпісам героя-касманаўта, яна амаль што ў космасе лятала. Памяць пра паэтку засталася ў музейных сценах.

Архіў БНР і допыт Цанавы

Галоўнай прычынай арышту ў 1948 годзе быў пошук дзяржаўнага архіва БНР — як сакратарка Рады, Геніюш апекавалася гэтымі дакументамі ў Празе. У менскай турме «Амерыканка» яе дапытваў сам Лаўрэнцій Цанава. Яна не толькі маўчала пра сховішча дакументаў, але і патрабавала ад ката размаўляць па-беларуску.

Вы жывяце і служыце, вы міністар беларускай Рэспублікі. Размаўляйце са мной па-беларуску!

Спецаперацыя «Споведзь»

Галоўная кніга яе жыцця магла быць знішчаная КДБ яшчэ ў зародку. Калі ў 1980-х да яе прыехаў археолаг Міхась Чарняўскі, размова ішла ў амаль поўнай цішыні: паэтка ведала, што дом праслухоўваецца. Яна моўчкі вынесла тэчку, а Чарняўскі схаваў рукапіс пад вятроўку і пайшоў не праз вароты, а праз агароды і палі. Дзякуючы гэтай вылазцы свет пабачыў адно з самых магутных сведчанняў пра сталінскія злачынствы.

Запавет, які гучыць праз дзесяцігоддзі

Ларыса Геніюш адышла ў красавіку 1983 года. Яе пахаванне ў Зэльве стала першай масавай несанкцыянаванай акцыяй у БССР: праводзіць паэтку прыйшло каля 3 000 чалавек.

Душу жывую прашманаць ім нельга… Жывая я яшчэ сярод жывых, душы маёй і Беларусь жывая.

Платныя курсы школы

Беларускі традыцыйны каляндар
Курс Алены Ляшкевіч · 4 лекцыі старт 12 кастрычніка

Беларускі традыцыйны каляндар

Вам будзе лягчэй арыентавацца ў беларускім традыцыйным календары і разумець, чаму адно і тое ж свята, перыяд або песню ў розных мясцовасцях маглі адносіць да розных сезонаў.

  • 4 лекцыі
  • запіс на 3 месяцы
  • пачатак 12 кастрычніка а 20:00 па Мінску
Таварыства жывых паэтаў і паэтак
Курс Андрэя Хадановіча · 10 лекцый курс завершаны · даступны ў запісе

Таварыства жывых паэтаў і паэтак

Пасля курса вы будзеце глядзець на беларускую паэзію — і на сваю культуру — з гонарам і разуменнем, якіх раней не хапала.

  • 10 лекцый
  • запіс на 3 месяцы
  • сертыфікат пасля заканчэння
Беларуская спадчына ў музеях свету
Курс Аляксея Ластоўскага · 6 лекцый курс завершаны · даступны ў запісе

Беларуская спадчына ў музеях свету

Пасля курса вы будзеце ведаць, у якіх музеях свету захоўваюцца беларускія скарбы і якімі шляхамі яны туды патрапілі, — і зможаце скласці ўласны маршрут па сусветнай беларускай спадчыне.

  • 6 лекцый
  • запіс на 3 месяцы
  • сертыфікат пасля заканчэння

Лекторый бясплатны — і трымаецца на падтрымцы

Калі лекцыя была вартай вашага часу, падзякуйце лектару данатам або падпішыцеся, каб не прапусціць наступныя.